ІV Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы методыкі пачатковага навучання і эстэтычнага выхавання вучняў» 30 сакавіка прайшла на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі, паведаміў намеснік дэкана па навуковай рабоце Д. А. Доўгаль.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедра педагогікі і методыкі пачатковага навучання (загадчык С. П. Чумакова) і кафедра беларускай і рускай моў (загадчык А. А. Папейка). Удзел у навуковым форуме ўзялі больш за сто вучоных і педагогаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, прарэктар па навуковай рабоце МДУ імя А. А. Куляшова В. У. Старасценка адзначыў важнае значэнне канферэнцыі для развіцця адукацыі на Магілёўшчыне, а дэкан факультэта пачатковай і музычнай адукацыі А. В. Іваноў пажадаў плённай працы ўсім удзельнікам мерапрыемства.

Пасля мастацкага прывітання ад творчых калектываў універсітэта перад прысутнымі з дакладамі выступілі А. І. Смолік, доктар культуралогіі, загадчык кафедры культуралогіі УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва», С. В. Каржаневіч, кандыдат геаграфічных навук, выкладчык геаграфіі УА «Пінскі каледж Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна», В. Р. Шаўчэнка, кандыдат мастацтвазнаўства (Магілёўскі філіял УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі»), Г. А. Астроўская, кандыдат педагагічных навук, дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 180 г. Мінска», Т. І. Кагачэўская, кандыдат педагагічных навук, загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі УА «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі», і С. П. Чумакова, кандыдат педагагічных навук (УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова»). Удзельнікі пленарнай часткі і шасці секцыйных пасяджэнняў канферэнцыі прадставілі шырокі дыяпазон актуальных педагагічных даследаванняў па праблемах навучання і выхавання малодшых школьнікаў, традыцый і інавацый у методыцы выкладання вучэбных дысцыплін, падрыхтоўкі настаўніка пачатковых класаў да працы ва ўмовах бесперарыўнай педагагічнай і інклюзіўнай адукацыі, эстэтычнага выхавання школьнікаў сродкамі мастацтва.


© 2024 Факультет начального и музыкального образования
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1а, 212022 г. Могилев, Республика Беларусь