Дні кафедры беларускай і рускай моў у апошнюю дэкаду красавіка прайшлі на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі МДУ імя А. А. Куляшова, паведаміў загадчык кафедры, дацэнт Анатоль Анатольевіч Папейка.

20 красавіка дацэнтам кафедры А. А. Свірыдзенка праведзена адкрытая лекцыя па дысцыпліне «Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання» для студэнтаў 2-га курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя». З дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі і іншых сродкаў гукавой і зрокавай нагляднасці выкладчык прадэманстравала найбольш эфектыўныя метады навучання чытанню ў падрыхтоўчы, асноўны і заключны перыяды навучання грамаце. Напрыканцы заняткаў А. А. Свірыдзенка пазнаёміла прысутных з сучаснымі дыдактычнымі дапаможнікамі для навучання мове і чытанню на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. 21 красавіка прайшла традыцыйная алімпіяда па прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў. Мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел студэнты групы 3 «А», прынесла наступныя вынікі: 1-ае месца заняла Домніч Паліна, 2-ое — Врублеўская Таццяна, 3-яе — Галушчак Варвара. Пераможцы алімпіяды былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі на пленарным пасяджэнні навукова-практычнай канферэнцыі «Маладая навука – 2017». 27 красавіка ў межах Рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі «Маладая навука – 2017» адбылося пасяджэнне секцыі «Методыка выкладання беларускай і рускай моў», на якім студэнты факультэта пачатковай і музычнай адукацыі, а таксама Горацкага педагагічнага каледжа пазнаёмілі прысутных з вынікамі даследаванняў па актуальных кірунках пачатковай філалагічнай адукацыі. 29 красавіка студэнты 1-га курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» прынялі ўдзел у віктарыне «Ці ведаеце вы родную мову?». Мерапрыемства, падрыхтаванае старшым выкладчыкам Д. А. Доўгалем, складалася з двух тураў — адборачнага (індывідуальнага) і фінальнага (каманднага). Пераможцамі гульні сталі студэнткі групы 1 «Б» Качанава Настасся, Новікава Ірына і Міхеенка Алена, якія атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Дні кафедры беларускай і рускай моў прадэманстравалі разнастайнасць кірункаў вучэбнай, навуковай і выхаваўчай работы са студэнтамі, якую структурнае падраздзяленне эфектыўна ажыццяўляе на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі.


© 2024 Факультет начального и музыкального образования
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1а, 212022 г. Могилев, Республика Беларусь