Творчая сустрэча з сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасём Пазняковым і Генадзем Аўласенкам 23 красавіка адбылася ў МДУ імя А. А. Куляшова. У актавай зале чацвёртага корпуса ўніверсітэта прагучалі вершы, спевы, шчырыя словы аматараў мастацкай літаратуры.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя А. А. Куляшова, студэнты, выкладчыкі, прадстаўнікі адміністрацыі нашага ўніверсітэта. Цягам усёй сустрэчы паэты ахвотна адказвалі на пытанні, чыталі вершы, распавядалі пра ўласны шлях да мастацтва. «Кожны раз, калі прыязджаю на Магілёўшчыну, на сваю Радзіму, адчуваю неверагоднае хваляванне, бо менавіта з гэтага кавалачка зямлі пачалася мая творчасць», — адзначыў Міхась Пазнякоў. «У адрозненні ад майго калегі, я вельмі позна пачаў пісаць вершы. Але зараз я знайшоў сябе і ў паэзіі, і ў прозе. А гэта значыць, што калі вы на пэўны момант нічога не пішаце, то, магчыма, у больш сталым узросце вас пацягне да мастацкіх твораў», — заўважыў Генадзь Аўласенка. Студэнты факультэта пачатковай і музычнай адукацыі МДУ імя А. А. Куляшова падрыхтавалі для гасцей некалькі творчых падарункаў. Сапраўдны беларускі каларыт стварылі дзяўчаты з ансамблю народнай песні «Квецень». Дацэнт кафедры беларускай і рускай моў Анатоль Папейка ўразіў прысутных сваімі вершамі і спевамі пад гітару. «Гэтая сустрэча вельмі карысная для нашых студэнтаў. Па-першае, яны маюць магчымасць пазнаёміцца з пісьменнікамі, якія працуюць у сферы дзіцячай літаратуры. Па-другое, падобныя мерапрыемствы папулярызуюць родную мову. Трэба адзначыць і тое, што сустрэча праводзілася ў межах дзён кафедры беларускай і рускай моў на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі. І мерапрыемствы падобнага фармату ў нас арганізуюцца ўпершыню. Спадзяюся, што сустрэчы с беларускімі аўтарамі мы будзем праводзіць і ў далейшым», — адзначае адзін з арганізатараў мерапрыемства, намеснік дэкана па навуковай працы факультэта пачатковай і музычнай адукацыі МДУ імя А. А. Куляшова Дзмітрый Доўгаль.


© 2024 Факультет начального и музыкального образования
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1а, 212022 г. Могилев, Республика Беларусь