22 лістапада студэнты факультэта пачатковай і музычнай адукацыі наведалі спектакль «Чалавек, заставайся чалавекам!» Магілёўскага абласнога тэатра лялек. У экзістэнцыйнай трагедыі па матывах апавядання Васіля Быкава рэжысёр спектакля Марыя Гуцава закранула адвечнае пытанне людскога існавання: як захаваць у сабе чалавечнасць у неспрыяльных абставінах? Гледачы суперажываюць героям п’есы — звычайным салдатам Івану Валоку і Фрыцу Хагеману, — якія воляй лёсу апынуліся ў заваленым ад выбуху склепе. Абавязак і літасць, вайна і мір, жыццё і смерць спляліся ў метафарычным відовішчы…

П’еса выклікала жывыя пачуцці і роздумы ў будучых настаўнікаў пачатковых класаў.

«Мне вельмі спадабаліся акцёры, якія кіравалі лялькамі. Сапраўдныя майстры, яны ўмела перадавалі эмоцыі і настрой персанажаў, выкарыстоўваючы рухі і голас. Гэта дазволіла стварыць глыбокую сувязь паміж гледачамі і героямі спектакля. Сюжэт быў захапляльны, але вельмі цяжкі… Я плакала на працягу ўсяго спектакля» (Барысенка Лізавета, студэнтка 3-га курса).

«Гісторыя пра савецкага салдата Івана Валоку, які ратуе параненага немца, паказвае глыбокую чалавечнасць у сітуацыі маральнага выбару. Калі героі аб’ядноўваюцца ў пошуку выйсця з падвала, гэта дае надзею на разуменне і прымірэнне. Але фінал, дзе вызваленыя героі зноў становяцца ворагамі, падкрэслівае трагічнасць і бессэнсоўнасць вайны» (Врачова Дар’я, студэнтка 4-га курса).

Д. А. Доўгаль, старшы выкладчык
кафедры тэорыі і методыкі пачатковай адукацыі


© 2024 Факультет начального и музыкального образования
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1а, 212022 г. Могилев, Республика Беларусь