Як адзначыць Тыдзень бацькоўскай любві? Амаль што сямейным паходам у тэатр? Чаму б і не? 14 кастрычніка студэнты 3 і 4 курсаў спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» наведалі пастаноўку «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага» ў Магілёўскім абласным тэатры лялек.
Спектакль, пастаўлены рэжысёрам Ігарам Казаковым па творы Пятра Васючэнкі і Сяргея Кавалёва, захапляе магілёўскую публіку ўжо амаль два дзясяткі гадоў. Вясёлая гісторыя на сакавітай беларускай мове ўцягвае гледачоў у вір прыгод (авантур) паноў-абібокаў у выкананні майстроў сцэны Мікалая Сцешыца і Максіма Кошалева.
Але нават у гэтай казачнай камедыі падкрэсліваецца важнасць сям’і і дому. Перад абліччам небяспекі ў самы цяжкі момант жыцця пыхлівыя шляхцюкі згадваюць найкаштоўнейшае, што ў іх ёсць, — шкатулку і лялечныя фігуркі, якія засталіся ім на памяць ад бацькоў.
Алена Свірыдзенка і Дзмітрый Доўгаль, выкладчыкі кафедры тэорыі і методыкі пачатковай адукацыі,
куратары вучэбных груп 4122231 і 4122232