21 лютага студэнты факультэта прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы.
Навучэнцы групы Н-21 падрыхтавалі стэнд з інфармацыяй пра гісторыю гэтага свята і правялі традыцыйную віктарыну «Смачная мова». Удзельнікамі віктарыны сталі студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі дэканата ФПіМА, якія павінны былі суаднесці малюнкі з адпаведнымі беларускімі словамі. Усе гульцы, якія выканалі заданне, атрымалі ад арганізатараў салодкія прызы. Трэба сказаць, што без ласункаў не застаўся ніхто, бо ўсе ўдзельнікі цудоўна справіліся з прапанаванымі заданнямі!
Таксама студэнты 2 курса факультэта пачатковай і музычнай адукацыі прынялі ўдзел у віктарыне «Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску», арганізаваную на факультэце замежных моў. Спаборніцтва, якое складалася з пытанняў на веданне роднай мовы і культуры, прайшло ў два туры. У віктарыне прынялі ўдзел 9 каманд, з якіх дзве прадстаўлялі наш факультэт: «Затое прыгожыя» (група Н-21) і «А4» (Н-22).
У першым раўндзе з вялікім адрывам апярэдзіла ўсіх каманда «А4», а дзяўчаты з калектыву «Затое прыгожыя», на жаль, пакінулі конкурс: з 9 каманд-удзельніц у фінал трапілі толькі 5.
У другім туры барацьба паміж камандамі абвастрылася, аднак першае месца, апярэдзіўшы супернікаў на адзін бал, падзялілі каманды «А4» (ФПіМА) і «Сінія шкарпэткі» (ФЗМ). Пераможцы былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі.
Спадзяёмся, усе ўдзельнікі мерапрыемстваў пагодзяцца з намі: сёлета свята роднага слова атрымалася карысным і вельмі смачным!
Аланцьева Алеся (Н-21), Давыдзенка Варвара (Н-21),
Халецкая Настасся (Н-22).
Фота Бяляевай Алесі (Н-21), Галубцовай Марыі (Н-21),
Марчанка Наталлі (Н-11)