Семінар, прысвечаны пытанням падрыхтоўкі дыпломных даследаванняў, прайшоў 5 красавіка на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі. Адкрываючы работу семінара, намеснік дэкана па навуковай рабоце Д. А. Доўгаль адзначыў, што падобнае мерапрыемства праводзіцца на факультэце ўпершыню, і пазнаёміў з вынікамі анкетавання студэнтаў-дыпломнікаў, якое стала вызначальным пры фарміраванні праграмы семінара.
Выступленні дакладчыкаў былі прысвечаны розным аспектам падрыхтоўкі, афармлення і прэзентацыі дыпломных работ. Так, дацэнт кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання Т. А. Старавойтава, гаворачы пра фарміраванне даследчых уменняў студэнтаў, звярнула ўвагу прысутных на метадалагічныя характарыстыкі студэнцкіх даследаванняў, прывяла прыклады карэктна сфармуляваных мэт і задач, падкрэсліла важнасць тэматычнай пераемнасці вучэбна- і навукова-даследчых работ на розных ступенях атрымання вышэйшай адукацыі.
Загадчык кафедры методыкі выкладання матэматыкі Т. В. Гасцевіч прысвяціла сваё змястоўнае выступленне агляду літаратуры, прывяла ўзоры структурнага і моўнага афармлення гэтай часткі работы. Бібліятэкар аддзела аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў А. У. Карнеенка пазнаёміла з асаблівасцямі праверкі дыпломных работ сістэмай «Антыплагіят», а старшы выкладчык Д. А. Доўгаль нагадаў студэнтам аб правілах бібліяграфічнага апісання крыніц інфармацыі і карэктнага цытавання. Заключным выступленнем стаў майстар-клас па абароне дыпломнай работы ад выпускніцы факультэта, магістранткі Анастасіі Цітовай. Падводзячы вынікі семінара, яго ўдзельнікі — і выкладчыкі, і студэнты — выказалі спадзяванне, што пасяджэнні семінара стануць рэгулярнымі.
Намеснік дэкана па навуковай
рабоце Д. А. Доўгаль