12 снежня на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі» прайшоў адукацыйны семінар «Арганізацыя сеціўнага ўзаемадзеяння вучняў для падрыхтоўкі да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах „Беларуская мова“ і „Беларуская літаратура“», у распрацоўцы і правядзенні якога прыняў удзел дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі Дзмітрый Аляксандравіч Доўгаль.
На семінары, у якім узялі ўдзел 27 настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры сталічнага рэгіёна, былі разгледжаны пытанні выкарыстання рэсурсаў сацыяльных сетак, асаблівасці рэалізацыі лінгвакультуралагічнага і кампетэнтнаснага падыходаў пры падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяды. Д. А. Доўгаль пазнаёміў педагогаў з аўтарскімі напрацоўкамі па падрыхтоўцы да творчых конкурсаў алімпіяды і прэзентаваў вучэбныя дапаможнікі, якія пабачылі свет у 2018 годзе ў МДУ імя А. А. Куляшова і выдавецтве «Народная асвета».
Дадзены семінар стаў першым мерапрыемствам у рамках рэалізацыі дамовы аб супрацоўніцтве паміж МДУ імя А. А. Куляшова і МАІРА.