Дзень адчыненых дзвярэй на ФПіМА

11 вучняў з розных куткоў Магілёўшчыны наведалі факультэт пачатковай і музычнай адукацыі ў рамках агульнаўніверсітэцкага дня адчыненых дзвярэй для вучняў профільных класаў педагагічнай скіраванасці, які прайшоў 15 снежня 2018 года.

На факультэце пачатковай і музычнай адукацыі гасцей чакала насычаная і дынамічная праграма. Пасля сустрэчы з дэканам А. В. Івановым, які пазнаёміў з умовамі навучання і распавёў пра перспектывы развіцця факультэта, будучыя абітурыенты выправіліся ў своеасаблівы квест па ўніверсітэце. Інтэрактыўныя гульні на знаёмства правялі актывісткі студактыву факультэта Алеся Аланцьева і Карына Рулінская. Экскурсію па кабінеце методыкі выкладання моў зладзіла А. А. Свірыдзенка, дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі. Навучэнцы наведалі заняткі па методыцы выкладання беларускай мовы і чытання, дзе пад кіраўніцтвам выкладчыка Д. А. Доўгаля паўдзельнічалі ў хвілінцы чыстапісання. Наступным пунктам падарожжа стаў метадычны цэнтр пачатковай і музычнай адукацыі, на базе якога намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Ю. П. Чаркасава правяла для вучняў і студэнтаў фрагмент выхаваўчага мерапрыемства, прысвечанага Году малой радзімы. Пасля заключнага фатаграфавання з дэканам многія навучэнцы прызналіся, што менавіта дзякуючы такому змястоўнаму візіту канчаткова вызначыліся з выбарам вучэбнай установы, у якой яны плануюць авалодаць будучай прафесіяй.

Шчыра запрашаем!

Намеснік дэкана па навуковай рабоце Д. А. Доўгаль;
фота Марыі Галубцовай, студэнткі групы Н-31


© 2024 Факультет начального и музыкального образования
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1а, 212022 г. Могилев, Республика Беларусь