25 красавіка 2019 года на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі прайшла Рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў ВНУ Магілёўскай вобласці «Маладая навука – 2019», у якой прынялі ўдзел студэнты МДУ імя А. А. Куляшова, навучэнцы Горацкага педагагічнага каледжа і студэнты ЯДПУ імя К. Д. Ушынскага.
Пачынаючы пленарнае пасяджэнне, дэкан факультэта А. В. Іваноў пажадаў удзельнікам плённай працы і радасці ад навуковых адкрыццяў. Па традыцыі ў пачатку канферэнцыі адбылося ўзнагароджанне прызёраў алімпіяд па педагогіцы і прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў. Дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі А. А. Свірыдзенка, дацэнт кафедры методыкі выкладання матэматыкі Л. В. Лешчанка і старшы выкладчык кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі Т. П. Чыкіндзіна павіншавалі пераможцаў і ўручылі дыпломы і памятныя падарункі.
У праграму пленарнага пасяджэння сёлета было ўключана пяць дакладаў. Педагогі і студэнты выслухалі і абмеркавалі выступленні Алены Гармасар (тэма «Педагогическое моделирование художественных эвристик младших школьников на уроках музыки»; навуковы кіраўнік Б. А. Галяшэвіч, прафесар кафедры музыкі і эстэтычнай адукацыі), Надзеі Падлужнай («Формирование мотивов трудовой деятельности у младших школьников»; кіраўнік С. П. Чумакова, загадчык кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі), Марыі Галубцовай і Ангеліны Кучынскай («Особенности изучения содержательных блоков в рамках учебного предмета „Человек и мир“»; кіраўнік Ю. П. Чаркасава, старшы выкладчык кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі), Таццяны Макарчанка («Выкарыстанне прыёмаў візуалізацыі пры фарміраванні чытацкіх кампетэнцый малодшых школьнікаў»; кіраўнік Д. А. Доўгаль, дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі) і Ангеліна Зелянкевіч («Работа с незрячими музыкантами»; кіраўнік В. П. Рэва, дацэнт кафедры музыкі і эстэтычнай адукацыі). На заканчэнне намеснік дэкана па навуковай рабоце Д. А. Доўгаль звярнуў увагу маладых даследчыкаў на праблему некарэктных запазычанняў у навуковых тэкстах.
Больш за сотню дакладаў прадставілі студэнты на пяці арганізаваных секцыях, прысвечаных актуальным праблемам дыдактыкі і методык пачатковай адукацыі, тэорыі і методыкі выхавання малодшых школьнікаў, методыцы выкладання беларускай і рускай моў, матэматыкі і музычнага выхавання і харэаграфіі.
Намеснік дэкана па навуковай рабоце Д. А. Доўгаль