13 снежня студэнты ФПіМА наведалі прымеркаваную да Дня беларускага кіно прэм’еру стужкі «Возера радасці».

Ідзе 21 стагоддзе, а дзеці застаюцца кінутыя самымі роднымі людзьмі. Гэтай праблеме прысвечана шмат літаратурных і кінематаграфічных твораў. Вось і наш беларускі рэжысёр Аляксей Палуян зняў беларускамоўную кароткаметражную стужку па матывах кнігі «Возера радасці» Віктара Марціновіча. Экранізацыя атрымала мноства ўзнагарод па ўсім свеце.

Гісторыя распавядае пра маленькую дзяўчынку Ясю, свет якой афарбаваўся ў шэрыя колеры пасля смерці маці. Дзяўчынка трапляе ў інтэрнат, але мара вярнуцца дадому застаецца маленькім праменьчыкам святла. І яна вырашае збегчы з інтэрната, але мара не заўсёды бывае такой прыгожай, якой здаецца здалёк…

Ролю Ясі, пасля доўгіх пошукаў рэжысёра, заслужана атрымала Насця Пляц, дзяўчынка з магілёўскага дзіцячага інтэрната. У галоўных ролях зняліся і вядомыя артысты Ігар Сігаў і Святлана Анікей.

На прэм’ерны паказ, які прайшоў у кінатэатры «Чырвоная зорка», прыйшла і сама Насця (Яся). Пасля прагляду фільма быў арганізаваны адкрыты дыялог, дзе гледачы змаглі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад фільма, а таксама задаць пытанні. Усе адзначылі актуальнасць фільма. Мабыць, кожны з прысутных знайшоў нешта, што закранула яго сэрца.

«Фільм кранае да глыбіні душы. Асабіста ў мяне накатваюцца слёзы на вачах ад такіх сюжэтаў. Шануйце, што маеце», — падзялілася сваімі эмоцыямі Яніна Новікава з групы Н-22. Яе аднагрупніца Насця Тарасава падзяляе гэта меркаванне: «Фільм на самай справе закрануў сэрца. Мне здаецца, гэта цяжкая тэма для ўсіх, і кожнаму з нас ёсць над чым падумаць пасля прагляду».

Пастушэнка Дзіна, студэнтка групы Н-31


© 2024 Факультет начального и музыкального образования
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1а, 212022 г. Могилев, Республика Беларусь