3 сакавіка ў рамках рэалізацыі Рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі «Грані творчасці» на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі была праведзена этнаграфічная выстава «З пакалення ў пакаленне».

Чырвона-белыя сімвалы на адзенні, на вучнёўскіх сшытках зараз ужо мала каго здзіўляюць. Беларускі арнамент неяк вельмі хутка захапіў моладзь, стаў надта папулярным: магазіны з вышыванкамі, абуткам, кубачкамі, ручкамі, аўтамабілі з арнаментоўкай на шкле. Беларуская сімволіка прыцягвае, заварожвае, абуджаючы ў маладых беларусаў гонар за Бацькаўшчыну.

Этнаграфічная выстава «З пакалення ў пакаленне», арганізаваная на ФПіМА намеснікам дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце М. У. Атаян, — гімн адвечнаму імкненню нашых продкаў да прыгожага, няўтольнай празе праз тканы і вышыты ўзор беларускага арнаменту выказаць сваё разуменне жыцця, свету. Гэта своеасаблівы гімн умелым, працавітым, няўтомным рукам беларусаў, светлай, добрай, паэтычнай душы нашай сялянкі – бабулі, матулі, дзяўчыны.

Ускалыхнуў душу і, зразумела, выклікаў цікавасць аповед-віктарына ветэрана ўніверсітэта Т. І. Якубовіч пра азбуку беларускага арнаменту, любімыя сімвалы беларускай жанчыны, перададзеныя ў разнастайных вышыванках, узорыстых тканых ручніках, фартухах, настольніках, посцілках, хустках, дарожках. Прысутныя з цікавасцю разглядалі прылады працы беларусаў, старадаўнія і сучасныя керамічныя вырабы, вышытыя крыжыкам і гладдзю ўзоры, артэфакты ваеннай і рэлігійнай тэматыкі. Яўген Гормаш, студэнт групы М-11, распавёў пра адзін з экспанатаў — Біблію, надрукаваную аж у 1898 годзе. Гэта кніга, нібы чалавек, за сваё доўгае існаванне перажыла жахі сусветных войнаў, убачыла на ўласныя вочы бурныя рэвалюцыі і спазнала ўвесь цяжар рэпрэсій і ганенняў на вернікаў.

Ініцыятыву намесніка дэкана падтрымалі куратары факультэта і студэнты ўсіх курсаў — атрымалася сапраўднае свята. Харэаграфічны ансамбль (кіраўнік Н. В. Паўленка, выкладчык кафедры музыкі і эстэтычнага выхавання) прыгожым выхадам з караваем, ручнікамі гасцінна запрашаў далучыцца да святой спадчыны беларусаў. Гіпнатызавалі, прыцягвалі ўвагу не толькі майстэрскае выкананне песень народнага ансамбля народной песні «Квецень» (кіраўнік дацэнт Н. А. Лазаркова), але неверагоднай прыгажосці дзяўчаты ў яркіх вышываных строях…

Удзельнікі і выкладчыкі маглі паласавацца смачнымі «бабулінымі» блінамі, прыгатаванымі студэнтамі, якія, дарэчы, аказаліся самымі глыбокімі знаўцамі прылад працы і актыўнымі суразмоўцамі. Не ўсе, аднак, ведалі назвы прадметаў, сімвалы, іх прызначэнне, што выклікае жаль і шкадаванне, наводзіць на думку пра вялікую карысць мерапрыемстваў такога кшталту.

Мы павінны берагчы старажытную спадчыну беларусаў, каб дапамагчы моладзі памножыць скарбы народа, зберагчы дух беларускай культуры, каб нашчадкі не папракалі ў страце спрадвечнага слова, нацыянальнай годнасці і шматвяковых традыцый продкаў.

Т. І. Якубовіч, ветэран МДУ імя А. А. Куляшова


© 2024 Факультет начального и музыкального образования
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1а, 212022 г. Могилев, Республика Беларусь