20 лютага 2020 года ў МДУ імя А. А. Куляшова прайшоў традыцыйны міжфакультэцкі квіз (віктарына), прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Удзельнікамі інтэлектуальнай гульні сталі студэнты і выкладчыкі нашай ВНУ. Шэсць каманд прадстаўлялі факультэт пачатковай і музычнай адукацыі: «Палескія рабінзоны» (група Н-42), «Васількі» і «Пралескі» (Н-21), «Патэльня» і «Сонейкі» (Н-22) і «Зоркі натхнення» (Н-11).
Пытанні віктарыны «Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску» склалі дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі Д. А. Доўгаль і дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі А. В. Доўгаль, якія выступілі і ў якасці вядучых мерапрыемства. Удзельнікі гульні з імпэтам выконвалі заданні, прысвечаныя адметнай беларускай лексіцы і фразеалогіі, пытанням правапісу і граматыкі, творчасці майстроў слова, з’явам сучаснай папулярнай культуры.
Ацэньвала работы справядлівае журы на чале з дацэнтам кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі А. А. Свірыдзенка. Пасля двух тураў яно назвала пераможцаў. Найлепшы вынік прадэманстравала каманда «Васількі» (Анісавец Дар’я, Іўчанка Таццяна, Карнійчук Анастасія, Сакалоўская Лізавета), якая атрымала салодкі прыз ад прафкама студэнтаў.
На думку арганізатараў, падобныя пазнавальныя мерапрыемствы займальнага характару найлепшым чынам спрыяюць далучэнню студэнцкай моладзі да роднай мовы.